ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),
абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.
т. 12, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)